Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” – адзін з найбольш вядомых і наведвальных турыстычных аб’ектаў Рэспублікі Бедарусь.
Адкрыты 25 верасня 1971 года. У адзіны ансамбль тут аб’яднаны месцы баёў, руіны вайны, пабудовы крэпасці, якія захаваліся да нашых дзён, скульптурныя кампазіцыі і музейныя экспазіцыі: Музей абароны Брэсцкай крэпасці (1956), “Музей вайны – тэрыторыя міру” (2014), “Летапіс Брэсцкай крэпасці” (2019), “Абарона Усходняга форта” (2020). У філіяле “Музей 5 форт” – экспазіцыя “Форт № 5 Брэсцкай крэпасці” (2021). Пабудаваная як ваенны аб’ект, які перажыў пажары дзвюх сусветных войнаў, сёння Брэсцкая крэпасць застаецца месцам памяці і міру.
У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя частка яе тэрыторыі, у тым ліку горад Брэст-Літоўск, увайшла ў склад Расійскай імперыі. Для абароны заходняй граніцы ў 1830 годзе імператарам Мікалаем I быў зацверджаны праект Брэст-Літоўскай крэпасці. Земляныя работы пачаліся ў 1833 годзе. Горад у сувязі з будаўніцтвам быў перанесены на 2 км на ўсход.1 чэрвеня 1836 года ва ўрачыстых абставінах быў закладзены першы камень у падмурак будучай казармы Цытадэлі.26 красавіка 1842 года крэпасць Брэст-Літоўск уступіла ў склад дзеючых і стала крэпасцю I класа. Яна складаецца з 4-х умацаванняў-астравоў – Цытадэлі, Кобрынскага, Валынскага і Цярэспальскага, якія ўтвораны рэкамі Заходні Буг, Мухавец і вадзяным ровам. Агульная плошча складае 4 кв.км.
Войны сярэдзіны XIX стагоддзя, у тым ліку Крымская вайна 1853–1856 гг., і прыняцце на ўзбраенне большасцю краін наразной артылерыі далі значны штуршок да мадэрнізацыі Брэст-Літоўскай крэпасці. З 1878 па 1888 гг. вакол ядра крэпасці вялося будаўніцтва першага пояса фартоў на аддаленні 3–4 км, а напярэдадні Першай сусветнай вайны – другога на адлегласці 6–7 км. За гады мадэрнізацыі вакол асноўных умацаванняў крэпасці было ўзведзена больш за 70 доўгачасовых абарончых збудаванняў.У жніўні 1915 года падчас Першай сусветнай вайны гарнізон Брэсцкай крэпасці быў эвакуіраваны, на яе тэрыторыі размясцілася камандаванне Усходнім фронтам германскай арміі. Пасля рэвалюцыі ў Расіі, 3 сакавіка 1918 года ў будынку Белага палаца ў Цытадэлі быў падпісаны Брэст-Літоўскі мірны дагавор, згодна з якім Савецкая Расія выйшла з Першай сусветнай вайны.
У 1919–1921 гг. разгортваліся падзеі Савецка-польскай вайны, па выніках якой заходняя тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы.З 1921 па 1939 гг. Брэсцкая крэпасць з’яўлялася ваенным гарадком, дзе размяшчаліся часці акругі IX корпуса польскай арміі.З пачаткам Другой сусветнай вайны, з 14 па 16 верасня 1939 года, польскі гарнізон крэпасці абараняў яе ад часцей вермахта.Падчас Вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну 22 верасня 1939 г. яе часці ўступілі ў г. Брэст. Крэпасць працягвала заставацца ваенным гарадком.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся часці 6 і 42 стралковых дывізій, падраздзяленні 17 Чырванасцяжнага пагранічнага атрада, 132 асобны батальён канвойных войскаў НКУС, часці акруговага падпарадкавання, ваенныя шпіталі, пражывалі сем’і каманднага і начальніцкага саставу. З пачаткам баявых дзеянняў 22 чэрвеня 1941 года Брэсцкая крэпасць стала адным з самых стойкіх ачагоў супраціўлення на заходняй граніцы СССР.
Апынуўшыся ў акружэнні, адчуваючы востры недахоп боепрыпасаў, медыкаментаў, харчавання і вады, воіны Брэсцкага гарнізона і члены іх сем’яў праявілі выключную стойкасць і мужнасць. Абарона Брэсцкай крэпасці працягвалася каля месяца: першы перыяд – з 22 па 30 чэрвеня, калі бязлітасныя, кровапралітныя баі ішлі на ўсіх умацаваннях крэпасці. 29–30 чэрвеня адбыўся генеральны штурм крэпасці.другі перыяд – з 1 па 20-я чыслы ліпеня – апошнія ачагі супраціўлення, калі барацьбу працягвалі байцы-адзіночкі, апошні з якіх – маёр П.М.Гаўрылаў – трапіў у палон на 32 дзень вайны – 23 ліпеня 1941 года.
У пасляваенныя гады абарона Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года стала сімвалам гераізму, вернасці прысязе і любові да Радзімы.Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 8 мая 1965 года ёй было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-Герой”.Прызнанне подзвігу абаронцаў крэпасці стала вынікам шматгадовай пошукавай і даследчай працы пісьменніка-франтавіка С.С.Смірнова.Сёння мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і комплекс фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.