22 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь – жалобная дата – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

На досвітку 22 чэрвеня 1941 года войскі гітлераўскай Германіі вераломна напалі на Савецкі Саюз.

Адзін з першых удараў ворага на сябе прыняў гарнізон Брэсцкай крэпасці. Супраціўленне працягвалася 32 дні. Змучаныя смагай і голадам, адрэзаныя ад знешняга свету, абаронцы мужна змагаліся за кожны метр роднай зямлі. Іх подзвіг стаў прыкладам гераізму і мужнасці для ўсіх наступных пакаленняў.

Разам з тым, 22 чэрвеня 1941 года – гэта і дата пачатку аднаго з самых страшных перыядаў у гісторыі Беларусі – акупацыі яе тэрыторыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

За тры гады гітлераўцы знішчылі больш за 11,7 тысяч вёсак рэспублікі, на прымусовыя работы ў Германію былі сагнаныя каля 400 тысяч чалавек. На тэрыторыі БССР было створана 260 месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння насельніцтва, іх філіялаў і аддзяленняў, у тым ліку канцэнтрацыйныя лагеры. Падчас Вялікай Айчыннай вайны наша краіна страціла кожнага трэцяга свайго жыхара.

Гэты дзень – даніна памяці ўсім загінулым на полі бою і замучаным у фашысцкай няволі.

Памяць пра трагедыю народа, яго подзвіг і самаахвяраванне ў імя нашай будучыні будзе жыць вечна!

Беларусь памятае!