20 чэрвеня 2024 года ў выставачнай зале экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» адбылася III дыялогавая пляцоўка «Памяць без межаў», ініцыятарам і арганізатарам якой выступіў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Падчас мерапрыемства ўвага была накіравана на ўдзел пагранічнікаў у абарончых баях летам 1941 года, у партызанскім і падпольным руху, уклад воінаў у зялёных фуражках у вызваленне Беларусі. Сваім меркаваннем па актуальных пытаннях захавання гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання моладзі ў ходзе дыскусіі падзяліліся эксперты з чатырох краін СНД, а таксама прадстаўнікі навучальных устаноў пагранічнага профілю Казахстана і Расіі. Для ўдзельнікаў форуму была арганізавана экскурсія па тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».
На плошчы Цырыманіялаў у гэты час адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага маладзёжнага патрыятычнага форуму «Цытадэль Памяці», галоўнымі ўдзельнікамі якога сталі 150 студэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У праграме форуму – квэст па тэрыторыі мемарыяла і ваенна-патрыятычны вечар паэзіі і бардаўскай песні "І памятае свет выратаваны…" ва Усходнім форце Брэсцкай крэпасці.
21 чэрвеня на плошчы Цырыманіялаў адбыўся ўрачысты старт сумеснага расійска-беларускага патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці», які аб'яднаў 200 старшакласнікаў з 8 краін: Беларусі, Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Азербайджана, Узбекістана, Таджыкістана і Казахстана.
Ужо традыцыйна ля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі» на пляцоўцы каля Цярэспальскіх варот Цытадэлі прайшла IX Міжнародная маладзёжная патрыятычная акцыя «Баявы разлік» з удзелам курсантаў ДУА «Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь», пагранічных ВНУ з Расіі, Казахстана і Таджыкістана, прадстаўнікоў Дзяржпагранкамітэта, Каардынацыйнай службы СКПВ, дэлегацый ветэранскіх арганізацый пагранічнай службы, навучэнцаў агульнаадукацыйных школ і шматлікіх гледачоў. Штогод у гэты дзень у 19.00 курсанты выстройваюцца з партрэтамі загінулых у першых баях Вялікай Айчыннай вайны пагранічнікаў Беларускай пагранічнай акругі. Курсанты праводзяць баявы разлік, называючы імёны герояў, якія ў апошні раз заступілі ў нарад па ахове Дзяржаўнай граніцы СССР роўна 83 гады таму. Гэта даніна памяці ўсім пагранічнікам, якія гераічна прынялі першы ўдар ворага ў чэрвені 1941 г.
З удзелам курсантаў-пагранічнікаў прайшла штогадовая акцыя «Бессмяротны гарнізон», падчас якой на тэрыторыі мемарыяла на месцах баёў устаноўлены таблічкі з партрэтамі герояў – абаронцаў крэпасці, запалены свечкі ў памяць пра іх.
У ноч на 22 чэрвеня на плошчы Цырыманіялаў выступіў камерны аркестр Брэсцкай абласной філармоніі з музычнай праграмай «Музыка памяці».
Кульмінацыяй мерапрыемстваў стаў мітынг-рэквіем «Памяці загінулых – будзьце вартыя!» досвіткам 22 чэрвеня. На памятныя мерапрыемствы прыбылі больш за 30 афіцыйных дэлегацый. У іх ліку: Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка, прадстаўнікі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі, Дзяржаўнай Думы Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і іншыя. Гледачам быў паказаны тэатралізаваны пралог, які адсылаў да падзей 1941 г. Члены дэлегацый, ганаровыя госці і ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Пасля завяршэння мітынгу-рэквіему на Кобрынскім умацаванні прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя абароны крэпасці.
22 чэрвеня ў канферэнц-зале Музея абароны Брэсцкай крэпасці адбыўся круглы стол з удзелам Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Д.Ф.Мезенцава. Падчас мерапрыемства была прэзентавана кніга “Аперацыя “Баграціён”. Партызаны беларускай зямлі» з серыі «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы» пра ролю партызан у аперацыі «Баграціён».