З 15 жніўня 2024 г. на 1 паверсе экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» экспануецца электронны варыянт выстаўкі «Мужнасць і пяшчота».

Выстаўка створана на аснове матэрыялаў з фондаў Дзяржаўнай аўтаномнай установы культуры «Саратаўскі гісторыка-патрыятычны комплекс «Музей баявой і працоўнай славы». Прысвечана жанчынам-воінам, лётчыцам, штурманам, тэхнікам жаночых авіяцыйных палкоў.

Юныя, далікатныя, яны прайшлі цяжкімі баявымі дарогамі, але захавалі пяшчоту і прывабнасць. Дзяўчыны розных ваенных спецыяльнасцей на фронце, выконваючы баявыя задачы, праяўлялі мужнасць і гераізм.

Выстаўка расказвае пра фарміраванне ў г. Энгельсе Саратаўскай вобласці жаночай авіячасці № 122 і яе камандзіра – Героя Савецкага Саюза Марыю Міхайлаўну Раскову (1912–1943), пра цяжкасці франтавога жыцця і баявыя эпізоды.

У кастрычніку 1941 года пачалося фарміраванне трох жаночых авіяпалкоў пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза, маёра М.М.Расковай. Камісарам фарміравання была прызначана Еўдакія Якаўлеўна Рачкевіч (1907–1975). Таксама ў арганізацыі палка актыўны ўдзел прымалі Тамара Аляксандраўна Казарынава (1906–1956) і Вера Фёдараўна Ламака (1913–1984).

Баявы шлях палкоў пачаўся ў г. Энгельсе. Асноўны касцяк тэхнічнай службы палка складала група студэнтак авіяцыйнага тэхнікума. Некалькі выпускніц Саратаўскага аэраклуба былі запісаны ў штурманскую групу.

Матэрыялы выстаўкі распавядаюць пра такіх лётчыц, як Лідзія Міхайлаўна Цалавальнікава, Любоў Міхайлаўна Губіна, Еўдакія Давыдаўна Бяршанская, Яўгенія Андрэеўна Жыгуленка, Ірына Віктараўна Драгіна.

Выстаўка «Мужнасць і пяшчота» – пра дзяўчат, якія пайшлі на фронт у 8–20 гадоў. У кожнай з іх была свая мара, хтосьці з іх хацеў стаць урачом, хтосьці актрысай, а хтосьці лічыў, што лепшая прафесія на зямлі – настаўнік. Але ў цяжкі для Радзімы час яны ўсталі на яе абарону, і многія загінулі, так і не паспеўшы ажыццявіць сваю мару.

Час экспанавання – да 15 верасня 2024 г.