Сёння, у 53-ю гадавіну з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» у рамках міжмузейнага супрацоўніцтва, у Мемарыяльным музеі антыяпонскай вайны кітайскага народа (г. Пекін, КНР) адбылося адкрыццё выстаўкі «Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фатаздымках» з фондаў ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». У цырымоніі прынялі ўдзел дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» А.А.Каркатадзе, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы А.В.Чарвякоў, дырэктар Мемарыяльнага музея антыяпонскай вайны кітайскага народа спадар Ло Цунькан.
Матэрыялы выстаўкі (больш за 50 фатаздымкаў) знаёмяць з гісторыяй Брэсцкай крэпасці, падзеямі гераічнай абароны 1941 года і сучасным жыццём мемарыяльнага комплексу. Экспанаванне выстаўкі запланіравана да канца кастрычніка 2024 года.