Выстаўка «Дарога да міру» з фондаў ФДБУК «Дзяржаўны музей гісторыі расійскай літаратуры імя У.І.Даля» прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экспазіцыя будзе прадстаўлена ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» (29 верасня – 22 лістапада 2024) і Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску (29 лістапада 2024 – 11 мая 2025).
Героі выставачнага праекта – Андрэй Платонаў, Булат Акуджава, Васіль Быкаў, Веніямін Каверын, Данііл Гранін, Алесь Адамовіч, Міхаіл Зошчанка, Віктар Астаф'еў, Віктар Някрасаў і Канстанцін Сіманаў – гэта пісьменнікі, якія прайшлі дарогамі вайны і пакінулі пасля сябе бясцэнныя сведчанні. Іх творы адрознівае сапраўднасць досведу і шчырасць перажыванняў. Выстаўка ўяўляе сабой своеасаблівую мазаіку, сабраную з літаратурных апісанняў і дзённікавых запісаў, ваенных падзей і ўспамінаў франтавікоў, архіўных фатаздымкаў і дакументаў.
Дзевяць аўтарскіх інсталяцый – прасторавых вобразаў, дапоўненых фрагментамі мастацкіх твораў і фактамі біяграфій пісьменнікаў, прапануюць новы погляд на знаёмыя старонкі літаратуры і гісторыі.
Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 29 верасня 2024 года ў 16:00 у выставачнай зале экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру».