25 лістапада 2024 г. у выставачнай зале экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» адбылося адкрыццё выстаўкі «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу» з Дзяржаўнай бюджэтнай установы культуры горада Масквы «Дзяржаўны музей абароны Масквы». Прысвечана 83-й гадавіне бітвы пад Масквой, пачатку контрнаступлення Чырвонай арміі 5 снежня 1941 г.
На Маскву наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў – група армій «Цэнтр», для якой захоп горада быў канчатковай мэтай. Ужо восенню 1941 года фашысты апынуліся ў літаральным сэнсе слова «каля брамы Масквы». Экспанаты выстаўкі раскрываюць значнасць адной з найбольш маштабных бітваў Вялікай Айчыннай вайны праз лёсы людзей, якія сталі на абарону сталіцы сваёй Радзімы. Яны зрабілі, здавалася б, немагчымае – спынілі ворага ля сцен Масквы.
На выстаўцы можна ўбачыць фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў бітвы за Маскву. Дадаткам да адлюстравання абстаноўкі ў горадзе, на фронце, удзелу грамадзянскіх асоб у стварэнні абарончых рубяжоў, з'яўляюцца плакаты таго часу, фатаграфіі вядомых ваенных фотакарэспандэнтаў – А.В.Усцінава, У.М.Мінкевіча, М.І.Савіна.
Асобным блокам прадстаўлены матэрыялы, якія распавядаюць пра ўраджэнца Беларусі, савецкага военачальніка, Героя Савецкага Саюза –Даватара Льва Міхайлавіча, які загінуў падчас контрнаступлення ў снежні 1941 г.
Бітва пад Масквой стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны. Тады, зімой 1941 г. і вясной 1942 г., былі вызвалены многія населеныя пункты Падмаскоўя. І пра тое, як наладжвалася жыццё на вызваленай тэрыторыі, распавядаюць фотасюжэты гарадоў і вёсак. На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 экспанатаў. Экспанаванне працягнецца да 19 студзеня 2025 г.