29 студзеня 2025 г. у 15.00 у выставачнай зале экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» адбылося адкрыццё выстаўкі «Ніколі больш», прысвечанай 80-годдзю вызвалення вязняў канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым (Аўшвіц).
27 студзеня 1945 г. лагер быў вызвалены войскамі 1-га і 4-га Украінскіх франтоў Чырвонай арміі. За час яго існавання (1940–1945) загінула больш за 1 млн вязняў. Асвенцым з'яўляецца сімвалам Халакоста.
1 лістапада 2005 года рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 27 студзеня быў аб'яўлены Міжнародным днём памяці ахвяр Халакоста.
Выстаўка «Ніколі больш» – гэта сумесны праект Брэсцкага аддзялення ГА «Беларускі саюз філатэлістаў» і мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».
На выстаўцы прадстаўлена каля 200 экспанатаў, сярод якіх унікальныя маркі, канверты, спецгашэнні, картмаксімумы, паштовыя карткі, аэраграмы, дакументы, якія расказваюць пра лёсы тых, хто апынуўся ў канцлагеры Асвенцым, пра ахвяр гэтага лагера і іншых лагераў. Кнігі, дакументы, фатаграфіі, успаміны былых вязняў дапоўняць уяўленні пра генацыд фашысцкай Германіі падчас вайны.
Частка матэрыялаў выстаўкі прысвечана вядомаму савецкаму ваеннаму інжынеру Карбышаву Дзмітрыю Міхайлавічу, а таксама абаронцам Брэсцкай крэпасці – Гаўрылаву Пятру Міхайлавічу і Зубачову Івану Мікалаевічу.
Пасля адкрыцця выстаўкі адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння паштоўкі, а старшыня праўлення Брэсцкага аддзялення «Беларускі саюз філатэлістаў» Леанід Рыгоравіч Турын распавёў прысутным пра найбольш знакавыя экспанаты. На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі консульства РФ, грамадскіх і ветэранскіх арганізацый, музеяў г.Брэста.