22 сакавіка 2023 года спаўняецца 80 гадоў са дня знішчэння фашысцкімі карнікамі вёскі Хатынь (Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласць, Лагойскі раён).

У той дзень, 80 гадоў таму, у 1943 годзе нацысцкія карнікі разрабавалі і спалілі дашчэнту беларускую вёску Хатынь разам з яе жыхарамі – у асноўным жанчынамі, старымі і дзецьмі. У агні загінулі 149 чалавек, 75 з іх былі дзеці да 16 гадоў. Выратавацца змаглі 6 дзяцей і 1 дарослы.

Жывым з агню ўдалося вырвацца 56-гадоваму Іосіфу Камінскаму, які вынес і свайго смяротна параненага сына, але той памёр у бацькі на руках.

Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысяч фактаў, што сведчаць пра палітыку мэтанакіраванага знішчэння насельніцтва на акупіраваных тэрыторыях, якую ажыццяўлялі нацысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Устаноўлена больш за 10 000 вёсак, якія пацярпелі ў гады акупацыі. 216 з іх падзялілі лёс Хатыні: былі цалкам знішчаны разам з жыхарамі і не адрадзіліся пасля вайны.

На месцы спаленай вёскі 5 ліпеня 1969 г. быў адкрыты Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Да журботнай даты 80-годдзя трагедыі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» адбудзецца адкрыццё новага музея і пройдзе мітынг- рэквіем. Памятныя мерапрыемствы ў гэты дзень адбудуцца па ўсёй
рэспубліцы.

Увекавечаная ў мемарыяле гісторыя адной вёскі стала сімвалам трагедыі, напамінам пра бязлітасны генацыд мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і напамінам пра каштоўнасць захавання міру.