Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі № 193 ад 27 чэрвеня 2023 года дырэктар ДУ "Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» Р.Р.Бысюк узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.
Рыгор Рыгоравіч кіруе мемарыялам з 2012 года. Пры яго непасрэдным кіраўніцтве ажыццёўлены знакавыя праекты па ўсіх напрамках музейнай дзейнасці па захаванні, рэстаўрацыі і музеефікацыі аб’ектаў Брэсцкай крэпасці, устанаўленні імёнаў абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, захаванні гістарычнай праўды і супрацьдзеянні фальсіфікацыі гісторыі.
У рамках экспазіцыйна-выставачнай работы рэалізаваны сумесныя праекты больш як з 15 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі (ад Калінінграда да Уладзівастока). Удзел супрацоўнікаў мемарыяла ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях садзейнічае асветніцтву і прапагандзе гісторыі Брэсцкай крэпасці і Рэспублікі Беларусь. Выданне каталогаў, зборнікаў (у т.л. сумесна з установамі культуры і адукацыі РФ) пашырае доступ да фондавых калекцый мемарыяла і інфармацыі пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці з розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі.
Брэсцкая крэпасць традыцыйна з’яўляецца месцам правядзення масавых культурна-адукацыйных мерапрыемстваў (акцый, мітынгаў), у т.л. і на міждзяржаўным узроўні.
Штогод прыкладаюцца максімальныя намаганні для захавання матэрыяльнай спадчыны Брэсцкай крэпасці: добраўпарадкаванне тэрыторыі, капітальны і бягучы рамонт, стварэнне экспазіцый.
Дзякуючы Праекту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой» (2018–2020), рэалізаваны работы (16 мерапрыемстваў) на 9 аб'ектах, адкрыты новыя экспазіцыі, арганізаваны новыя экскурсійныя маршруты.
Шчыра віншуем з атрыманнем высокай узнагароды!