30 студзеня 2024 года ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці адбылося адкрыццё выстаўкі "Салют над Нявой" (праект ФДБУК "Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.", г. Масква), якая прысвечана 80-годдзю поўнага зняцця блакады горада Ленінграда.
На 27 выставачных банэрах прадстаўлена ўнікальная інфармацыя, фатаграфіі, якія расказваюць аб жыцці і выратаванні горада. У смяротным кальцы, нягледзячы на найцяжэйшыя ўмовы, страшны голад, холад, адсутнасць электрычнасці і сувязі з "вялікай" зямлёй”, 900 дзён і начэй ленінградцы разам з усёй краінай кавалі перамогу над ворагам.
27 студзеня 1944 г. ленінградскае неба азарылася агнямі салюту ў гонар поўнага зняцця блакады падчас Ленінградска-Наўгародскай стратэгічнай наступальнай аперацыі (14 студзеня – 1 сакавіка 1944).
Сімвалічным з'яўляецца той факт, што ганаровае званне "Горад-герой" Ленінграду было прысвоена ў той жа дзень, што і "Крэпасць-герой" Брэсцкай крэпасці – 8 мая 1965 года.
У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце А.Ю.Мурашаў, жыхар блакаднага Ленінграда В.Ф.Касатонаў, прадстаўнікі Савета ветэранаў г. Брэста, грамадскіх арганізацый, СМІ, вучні школ горада.
У канферэнц-зале музея адбылася прэзентацыя мультымедыйнага праекта Ваенна-медыцынскага музея "Блакадная аповесць", у якім прадстаўлены жывапіс і графіка мастакоў блакаднага Ленінграда.
Выстаўка будзе экспанавацца да 29 лютага 2024 г.