Вялікая Айчынная вайна адышла ў мінулае страшнай старонкай гісторыі, але засталася ў памяці народа. Яна ў абелісках, велічных мемарыялах: Хатынь, Буйніцкае поле, Брэсцкая крэпасць…

Памяць пра подзвіг абаронцаў крэпасці – у непагасным полымі Вечнага агню, у параненых асколкамі сценах Холмскай брамы, у журботным граніце Галоўнага ўвахода ў мемарыял. Больш за паўстагоддзе яна – у радках Указа аб прысваенні Брэсцкай крэпасці ганаровага звання «Крэпасць-Герой».

Напэўна, не ўсе ведаюць, але спробы ўвекавечыць абарону крэпасці прадпрымаліся не раз. Упершыню – у 1956 годзе.

У архіве мемарыяльнага комплексу захоўваецца цікавы дакумент – дакладная запіска начальніка Брэсцкага гарнізона генерал-лейтэнанта П.С.Вашурына камандуючаму Беларускай ваеннай акругай Маршалу С.К.Цімашэнку. У запісцы – прапанова звярнуцца да Міністэрства абароны СССР з просьбай хадайнічаць перад Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні крэпасці ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга ў сувязі з 15-годдзем гераічнай абароны Цытадэлі за выключную мужнасць, гераізм і самаахвяраванне, праяўленыя яе гарнізонам.

Пытанне пра ўвекавечанне подзвігу абаронцаў крэпасці зноў было ўзнята ў сярэдзіне 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі пісьменнік С.С.Смірноў і першы сакратар ЦК КПБ П.М.Машэраў (з 1955 па 1959 гады – першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ).

На той час на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці амаль дзесяць гадоў працаваў Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які ўжо наведалі каля 2,5 мільёнаў чалавек.

У 1964 годзе ў свет выйшла кніга Сяргея Смірнова «Брэсцкая крэпасць», у якой быў раскрыты подзвіг абаронцаў Цытадэлі. 22 красавіка 1965 года яе аўтар быў удастоены Ленінскай прэміі.

У гэты ж дзень, 22 красавіка, П.М.Машэраў падпісаў хадайніцтва ў ЦК КПСС аб узнагароджанні некалькіх беларускіх гарадоў урадавымі ўзнагародамі за ўклад іх жыхароў у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

У спробе ўстанавіць верагоднасць супадзення дат мемарыялам быў зроблены запыт у Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. У адказ атрыманы копіі матэрыялаў аб узнагароджанні горада Брэста і Брэсцкай крэпасці высокай узнагародай. У дакументах адзначалася, што грамадзяне Савецкага Саюза і замежных дзяржаў у шматлікіх лістах на адрас ЦК Кампартыі і Урада Беларусі просяць увекавечыць подзвіг абаронцаў крэпасці і жыхароў горада, здзейснены ў гады вайны. У сувязі з гэтым ЦК КПБ звярнуўся з просьбай узнагародзіць горад Брэст і Брэсцкую крэпасць ордэнам Чырвонага Сцяга. Хадайніцтва было задаволена. Узнагарода пераўзышла ўсе чаканні.

8 мая 1965 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-Герой».

З тэксту дакумента: «…абаронцы Брэсцкай крэпасці ў надзвычайна цяжкіх умовах праявілі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі агрэсарамі выключную доблесць, масавы гераізм і мужнасць, якія сталі сімвалам бяспрыкладнай стойкасці савецкага народа.

Адзначаючы выключныя заслугі Брэсцкай крэпасці перад Радзімай... прысвоіць Брэсцкай крэпасці ганаровае званне «Крэпасць-Герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Напярэдадні святкавання 20-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне зацвердзілі і «Палажэнне аб ганаровым званні «Горад-герой», «Крэпасць-герой». Статус юрыдычна замацоўваўся ва ўзнагароднай сістэме СССР. У афіцыйных дакументах выкарыстоўваўся з 1945 года.

Галоўным крытэрыем для ўзнагароджання ганаровым званнем была гістарычная ацэнка ўкладу гарадоў-абаронцаў у агульную Перамогу.

Абавязковым атрыбутам горада-героя павінен быў стаць абеліск з выявай узнагарод і тэкстам Указа аб прысваенні звання.

Брастаўчане і госці горада не раз звярталі ўвагу на рэльефныя выявы ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка», якія знаходзяцца на Паўночнай браме Брэсцкай крэпасці (Кобрынскае ўмацаванне). Адліты ў бронзе тэкст Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на рускай і беларускай мовах на дошцы з серабрыстага чыгуну – каля Галоўнага ўвахода ў мемарыял.

З розных куткоў краіны ў музей паляцелі тэлеграмы з віншаваннямі ад абаронцаў крэпасці, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. 9 мая ў Брэсцкай крэпасці прайшоў мітынг, прысвечаны 20-годдзю Перамогі і прысваенню ёй ганаровага звання.

Старэйшае пакаленне памятае, як восенню 1965 года праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды ўзнагароджання.

1 лістапада 1965 года ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя Ленінскага камсамола Беларусі прайшло ўрачыстае пасяджэнне. На цырымоніі прысутнічалі дэлегацыі ЦК КПСС, ЦК Кампартыі Беларусі на чале з П.М.Машэравым, кіраўнік і члены Урада БССР, дэлегацыі Міністэрства абароны СССР (яе ўзначальваў Маршал Савецкага Саюза І.Х.Баграмян) і Беларускай ваеннай акругі, прадстаўнікі гарадоў-герояў, абласцей рэспублікі і горада Мінска, абаронцы Брэсцкай крэпасці, прадстаўнікі воінскіх часцей, якія вызвалялі Брэст у ліпені 1944 года.

Адкрываў пасяджэнне першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ У.А.Мікуліч. Узнагароды па даручэнні Цэнтральнага камітэта КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў СССР уручыў член Прэзідыума ЦК КПСС, намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР К.Т.Мазураў.

На працягу многіх гадоў ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» разам з Граматай захоўваліся ў сакрэтнай часці штаба 50-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі Брэсцкага гарнізона. 21 чэрвеня 1996 года, напярэдадні 55-годдзя пачатку абароны Брэсцкай крэпасці, узнагароды перадалі на пастаяннае захоўванне ў фонды мемарыяла.

Ордэн Леніна, медаль «Залатая Зорка» і Грамату з тэкстам Указа аб прысваенні звання можна ўбачыць у экспазіцыях мемарыяла.

Ганаровае званне «Горад-герой» прысвойвалі з 1965 па 1985 гады. У 1988 годзеў сувязі з развіццём узнагароднай сістэмы СССР было вырашана не ўзнагароджваць ордэнамі гарады і іншыя населеныя пункты.

Пасля распаду Савецкага Саюза Брэсцкая крэпасць-герой захавала сваё званне.

Аднак, ва ўзнагароднай сістэме Рэспублікі Беларусь няма статусу падобнага ганароваму званню «Горад-герой» ці «Крэпасць-герой».

Усяго дванаццаць гарадоў былі ўдастоены высокага статусу. Брэсцкая крэпасць – адзіная «Крэпасць-герой».

Сёння, праз 75 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, яна, дастойная гэтага звання, працягвае захоўваць памяць пра абаронцаў Айчыны і ахвярах ваенных падзей.

Старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» Г.І. Уперавец.

Літаратура:

  1. Архіў ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»: Дакладная запіска Начальніка Брэсцкага гарнізона генерал-лейтэнанта П.С.Вашурына камандуючаму Беларускай Ваеннай Акругай Маршалу С.К.Цімашэнку. Воп. 1. Спр. 3. «Матэрыялы па арганізацыі Музея за 1955–1961 гады».

  2. Фонды ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» (Фонды ДУ «МК «БКГ»). Дадатак (копія) да пункта 1 пратакола № 71 пасяджэння бюро ЦК КПБ БССР, г. Мінск. 22.04.1965.

  3. Фонды ДУ «МК «БКГ». Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР з тэкстам Указа ад 8 мая 1965 года «Аб прысваенні Брэсцкай крэпасці звання «Крэпасць-Герой». Воп. «Гісторыя мемарыяла». – КП 22744, С 10955.

  4. Фонды ДУ «МК «БКГ». Палажэнне аб ганаровым званні «Крэпасць-Герой». Воп. «Гісторыя мемарыяла». – КП 22744, С 10955.

  5. Газета «Зара» № 216. 02.11.1965.

     

  6. Пастанова Прэзідыума ВярхоўнагаСавета СССР ад 22 жніўня 1988 года «Аб удасканаленні парадку ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР». [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.libussr.ru/doc_ussr/usr_14983.htm. Дата доступу: 14.11.2019.

  7. Закон Рэспублікі Беларусь ад 18.05.2004 № 288-З «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь». [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://ktzszmoik.gov.by/wp-content/uploads/2017/11/Z_288.pdf Дата доступу: 14.11.2019.