Прадстаўнікі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» арганізавалі для навучэнцаў сталічнай сярэдняй школы № 110 імя І. М. Зубачова перасоўную тэматычную выставу, паведамілі карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» ва ўстанове адукацыі.
На экскурсіі загадчык навукова-асветнага аддзела Іна Кавальчук і малодшы навуковы супрацоўнік Павел Шэльпук раскрылі гісторыю Брэсцкай крэпасці з пачатку яе будаўніцтва і да сённяшніх дзён. У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі і дакументы, больш за 260 экспанатаў з фондаў мемарыяльнага комплексу. Асноўная ўвага нададзена тэме Вялікай Айчыннай вайны, трагедыі і гераізму абаронцаў крэпасці, пасляваеннаму прызнанню іх подзвігу.
Выставу наведаюць каля 400 навучэнцаў 5-11 класаў. Таксама школьнікі ўбачаць кадры кінахронікі з дакументальнага фільма пра Брэсцкую крэпасць, азнаёмяцца з дакументамі і прадметамі з фондаў, якія адлюстроўваюць гістарычныя падзеі і дазваляюць дакрануцца да гісторыі, больш даведацца пра подзвіг бессмяротнага гарнізона.