Экскурсія па экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» і тэрыторыі мемарыяла

 

Маршрут:

Пастаянная экспазіцыя – усходняя частка Цытадэлі – скульптурная кампазіцыя «Смага» – Белы палац – плошча Цырыманіялаў – Вечны агонь – Галоўны манумент – Холмская брама.

Апісанне:

Экскурсія ахоплівае экспазіцыю і частку тэрыторыі мемарыяльнага комплексу.

Экспазіцыя размешчана ў Паўднёва-ўсходняй частцы абароннай казармы Цытадэлі. У 8-мі залах прадстаўлена больш за 2 тысячы экспанатаў. Яны адлюстроўваюць перадваеннае жыццё ў Брэсцкай крэпасці, падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года, расказваюць пра лёсы людзей, якія апынуліся ў палоне і на акупіраванай тэрыторыі. У залах музея наведвальнік даведаецца пра вяртанне воінаў да мірнага жыцця ў пасляваенныя гады, пачуе іх успаміны.

У экспазіцыі выкарыстоўваюцца мультымедыйныя тэхналогіі, якія даюць магчымасць паглыбіцца ў гісторыю Брэсцкай крэпасці.

Далей экскурсія працягваецца па тэрыторыі Цэнтральнага вострава – Цытадэлі. Увазе наведвальніка прадстаўлены збудаванні ХIХ–пач.ХХ стагоддзяў, руіны вайны, скульптурныя кампазіцыі і помнікі абаронцам крэпасці. Экскурсія раскрывае гістарычнае мінулае крапасных пабудоў, важнейшыя падзеі, якія адбываліся на яе тэрыторыі ў чэрвені–ліпені 1941 года.