Выстаўка прысвечана 1000-годдзю г. Брэста і 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Складаецца з трох тэматыка-экспазіцыйных комплексаў: «Штрыхі гісторыі», «Калі гавораць пра мужнасць, успамінаюць Брэст…», «Сімвал адзінства».

Комплекс 1 «Штрыхі гісторыі» ахоплівае перыяд будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці на месцы старажытнага горада, закранае гісторыю г. Брэста (Бярэсця, Брэст-Літоўска), падзеі Першай сусветнай вайны.

Комплекс 2 «Калі гавораць пра мужнасць, успамінаюць Брэст…» прысвечаны падзеям пачатку Вялікай Айчыннай вайны, абароне крэпасці ў чэрвені–ліпені 1941 года, а таксама тым абаронцам крэпасці, якія ў гады вайны ўдзельнічалі ў баях на розных франтах.

Комплекс 3 «Сімвал адзінства» апавядае пра сучаснасць, ролю мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» у захаванні памяці і гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну.