У музейным зборы калекцыя «Мастацтва» прадстаўлена прадметамі жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усяго больш за 2500 адзінак захоўвання.
Першыя паступленні адносяцца да 1957 года. Аснову фонду склалі ваенныя мастакі студыі імя М.Б.Грэкава: П.А.Крываногаў, М.Я.Бут, В.А.Бундзін.
Расказаць пра подзвіг абаронцаў крэпасці лічылі сваім абавязкам і беларускія мастакі. У калекцыі работы брэсцкіх жывапісцаў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі П.А.Данэлія, І.Д.Рудчыка, В.К.Шыкіна, М.А.Аўчыннікава, М.Д.Чурабы, А.І.Кожына, П.В. Зарэцкага, Г.Ф.Сурмы і іншых.
У раздзеле графіка вылучаецца аўтарская калекцыя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі П.С.Дурчына – больш за дзвесце твораў. Трыццаць гадоў творчай дзейнасці ён прысвяціў увекавечванню вобразаў абаронцаў крэпасці і месцаў былых баёў.
Сярод скульптурных партрэтаў – бюсты Герояў Савецкага Саюза маёра П.М.Гаўрылава і лейтэнанта А.М.Кіжаватава, палкавога камісара Я.М.Фаміна, капітана І.М.Зубачова. Работы выкананы членамі Саюза мастакоў СССР В.П.Ярмаковым, А.М.Кастраміціным, народнымі мастакамі БССР А.К.Глебавым і А.А.Анікейчыкам.
Рарытэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – шматпланавая работа брэсцкага мастака, народнага ўмельца Ю.Ф.Чэрнева «Першая гадзіна вайны» (разьба па дрэве з суцэльнага куска чырвонага дрэва).