Рэчавы фонд складае больш за 9 тысяч прадметаў. Сярод унікальных знаходак пасляваеннага часу: сімвалічны ключ, які ў 1842 годзе, у дзень уступлення крэпасці ў строй дзеючых, быў уручаны яе каменданту; выяўленыя ў раёне Цярэспальскай брамы гарэльефы (маскароны, воінская амуніцыя), якія ўпрыгожвалі апоры першага ў Расіі падвеснага канатнага моста цераз раку Заходні Буг.

Дух часу перыяду будаўніцтва крэпасці і яе аб’ектаў даносяць цэглы з кляймом «БЛК» (Брэст-Літоўская крэпасць) розных гадоў выпуску.

Усё ж аснова калекцыі – музейныя рэліквіі, якія раскрываюць гераічную абарону крэпасці ў чэрвені–ліпені 1941 года. Сярод іх салдацкія рэчы: алюмініевыя пляшкі, сталёвыя шлемы; прыборы для прыняцця ежы: кацялкі, лыжкі, кубкі. На некаторых захаваліся прозвішчы ўладальнікаў. Гэта павялічвае мемарыяльную каштоўнасць знаходак, дазваляе ўстанавіць і ўвекавечыць імёны абаронцаў Айчыны.

Сярод асаблівых рэліквій – сімвал пачатку Вялікай Айчыннай вайны – будзільнік, знойдзены ў 1956 годзе на Цярэспальскім умацаванні Брэсцкай крэпасці, і сцяг 393 асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна, схаваны ў ходзе баёў ва Усходнім форце крэпасці яго абаронцамі і знойдзены праз 15 гадоў.

За многія гады склалася калекцыя формы адзення і знакаў адрознення РСЧА, Савецкай Арміі, Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Сярод рарытэтаў – даваенная гімнасцёрка ваенўрача 2-га рангу С.С.Бабкіна, які загінуў у крэпасці, і парадны мундзір узору 1945 года ўдзельніка баёў у раёне г. Брэста генерал-палкоўніка Л.М.Сандалава.

Важнасць і значнасць работы па захаванні гістарычнай памяці падкрэслівае меч Перамогі, уручаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам мемарыяльнаму комплексу ў дзень 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абароны Брэсцкай крэпасці.