Адным з унікальных фартыфікацыйных аб’ектаў Брэсцкай крэпасці з’яўляецца парахавы склеп № 1, размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Кобрынскага ўмацавання злева ад алеі, якая вядзе ад Галоўнага ўвахода да Цытадэлі.

На момант будаўніцтва (1863–1864) уяўляў сабой прамавугольны фартыфікацыйны цагляны будынак. У пачатку ХХ стагоддзя быў узмоцнены бетонам, абвалаваны земляным насыпам. Прызначаўся для захоўвання пораху (5000 пудоў). Складаецца з двух памяшканняў: галоўнага сховішча і вентыляцыйнага калідора. Вышыня – 7,4 метры (з земляным насыпам 9,4 м), даўжыня – каля 40 метраў. Падмурак – бутавы, вонкавыя сцены – бетонныя, унутраныя перагародкі, скляпенне і падлога – цагляныя. Уваход быў прычынены скразніком, які вядзе ў сховішча.  Дзверы былі металічныя з «паваротным» замком.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945) склеп выконваў функцыю клуба 98-га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна 6-й Арлоўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. У ходзе абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года выкарыстоўваўся ў якасці сховішча для байцоў гарнізона і членаў сем’яў камначсаставу.

22 снежня 2017 года з улікам захавання цэласнасці збудавання, яго аўтэнтычнасці, была адкрыта экспазіцыя «Армейскі клуб».

Праект быў рэалізаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і спонсарскай дапамогі ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».

Над распрацоўкай архітэктурна-мастацкага рашэння экспазіцыі, эскізнага праекту працавала МУП «Мастацкі камбінат», г. Мінск.

Храналагічныя рамкі ахопліваюць перыяд другой паловы XIX-перш.пал.ХХ стагоддзяў. Характэрна, што на сцяне вентыляцыйнага калідора захаваўся надпіс: «1915 г. 2 жніўня», пакінуты напярэдадні эвакуацыі падчас Першай сусветнай вайны.

Цэнтральнае месца займае рэканструкцыя перадваеннага жыцця ваеннаслужачых Чырвонай арміі Брэсцкага гарнізона ў 1939-1941 гадах, узноўлены адметнасці вядзення ваенна-палітычнай работы ў часцях Чырвонай арміі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, арганізацыя вольнага часу. Прадстаўлена інфармацыя па гісторыі аб’екта, рэканструкцыя Ленінскага пакоя, кіназалы са сцэнай і лаўкамі.

Праз дыяраму «Сховішча» (фігуры параненых, якія хаваліся ў склепе, жанчын і дзяцей), створаную на аснове дакументальных фактаў, прадметаў з раскопак, успамінаў відавочцаў – членаў сем’яў вайскоўцаў 98-га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна, падаюцца падзеі абароны крэпасці ў чэрвені 1941 года.

Рэканструкцыя ў памяшканнях склепа клуба РСЧА напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны дазваляе выкарыстоўваць яго і як месца правядзення культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, канцэртаў, тэатральных пастановак (улічваючы яе аналагічную функцыю перад вайной).