Форт № 5 – унікальны помнік рускай фартыфікацыі канца XIX–пач.XX стагоддзяў. Размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы г. Брэста па адрасе: вул.Старадарожная, 99.

Пабудаваны ў 1879–1880 гадах у якасці аднаго з перадавых умацаванняў крэпасці. У выніку мадэрнізацыі (1886–1889, 1906–1913) быў істотна ўзмоцнены і стаў адным з фартоў другой (унутранай) фартовай лініі Брэст-Літоўскай крэпасці.

У 1995 годзе ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 31 мая 1999 года стаў філіялам мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».

У адпаведнасці з Праектам Саюзнай дзяржавы Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» (2018–2020) з ліпеня па снежань 2020 года ў форце праведзена рэстаўрацыя і створана экспазіцыя «Форт № 5 Брэсцкай крэпасці», урачыстае адкрыццё якой адбылося 19 студзеня 2021 года.

Экспазіцыя размешчана ў каземаціраваных памяшканнях і на тэрыторыі форта № 5. Раскрывае гісторыю станаўлення і эвалюцыі фартыфікацыі на землях Беларусі на прыкладзе будаўніцтва і мадэрнізацыі Брэст-Літоўскай крэпасці і форта № 5, іх ролю ў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах, пасляваенную гісторыю і перспектывы развіцця. Асноўная экспазіцыя размешчана ў шасці казематах левай часткі гаржавой казармы, дзе прадстаўлены музейныя прадметы з фондаў ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» і УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей».

Зала 1 «Гісторыя фартыфікацыі» раскрывае гісторыю развіцця фартыфікацыі ў Еўропе ў Сярэднявеччы і ў Новы час, асаблівасці мясцовых традыцый дойлідства, фартыфікацыі на беларускіх землях.

Зала 2 «Брэсцкая крэпасць – сведка часоў» адлюстроўвае пераемнасць фартыфікацыйных традыцый сярэднявечнага горада Брэст-Літоўска і ўзведзенай на яго месцы крэпасці, а таксама гісторыю будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці і яе важнае месца ў сістэме крапасцей Расійскай імперыі на заходніх межах.

Зала 3 «Абарончая лінія Брэсцкай крэпасці» прысвечана пераўтварэнню Брэст-Літоўскай крэпасці з бастыённай у фартовую, гістарычным падзеям перыяду Першай сусветнай вайны ў фартах, персаналіям, звязаным з імі. Асаблівая ўвага нададзена гісторыі форта № 5.

Зала 4 «Каземат ніжніх чыноў» уяўляе сабой гістарычную рэканструкцыю жылога каземата ніжніх чыноў, распавядае пра побыт і ўмовы службы салдат Рускай імператарскай арміі ў фартах.

Зала 5 «Канцылярыя і цэйхгаўз» узнаўляе інтэр’ер пачатку ХХ стагоддз япры дапамозе гістарычнай рэканструкцыі.

Зала 6 «Умывальня» ўяўляе сабой узноўлены інтэр’ер умывальні пачатку ХХ стагоддзя.

Экспазіцыйныя блокі: «Капанір горжы», «Цэнтральная патэрна», «Парахавы склеп» у трох іншых будынках форта № 5 (гаржавым капаніры, цэнтральнай патэрне, парахавым склепе ў цэнтральнай патэрне), а таксама на тэрыторыі: «Каравульны пост», «Супрацьштурмавая агароджа Ашчэўскага-Кругліка», «Эспланадны і межавы слупкі», «Узоры ўзбраення» – узнаўляюць гістарычную атмасферу дзеючага ваеннага аб’екта ў фартыфікацыйным збудаванні Брэст-Літоўскай крэпасці пачатку ХХ стагоддзя.

Моц бетонных умацаванняў, падземныя галерэі і казематы форта № 5 пакінуць незабыўныя ўражанні ў наведвальнікаў!