Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці – адна з самых яркіх старонак Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў, сведкі якой – руіны крэпасці, воіны гарнізона, прадметы раскопак.
Першая экспазіцыя пра абарону Брэсцкай крэпасці была адкрыта ў г. Маскве ў Цэнтральным музеі Савецкай Арміі (1952), у г. Брэсце – супрацоўнікамі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея (1953), у г. Мінску (1953).
З 1954 года тэмай абароны Цытадэлі над Бугам зацікавіўся пісьменнік С.С.Смірноў, да гераічнай тэмы звярнуліся мастакі і пісьменнікі, паэты і кінарэжысёры.
У 1954 годзе на першым паверсе Паўночна-ўсходняй абароннай казармы Цытадэлі вайскоўцамі 128 стралковага корпуса быў адкрыты Пакой баявой славы, 23 лютага 1956 года – Пакой-музей. У экспазіцыі 3-х залаў былі прадстаўлены 15 экспанатаў і фатаграфій, атрыманых з Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Дома афіцэраў і Цэнтральнага музея Савецкай Арміі (г. Масква).
8 лістапада 1956 года быў адкрыты Музей абароны Брэсцкай крэпасці. У дні 20-годдзя гераічнай абароны і правядзення першай сустрэчы абаронцаў крэпасці, 25 чэрвеня 1961 года, адбылося адкрыццё пашыранай экспазіцыі Музея, якая размясцілася ў 9-ці залах. Права адкрыць яе было прадастаўлена абаронцу крэпасці, Герою Савецкага Саюза П.М.Гаўрылаву.
У 1969 годзе музей быў перададзены Міністэрствамабароны СССР у падпарадкаванне Міністэрству культуры БССР.
Сёння экспазіцыйная плошча Музея складае 1270 м². Зала, прысвечаная гісторыі крэпасці, аднаўлялася ў 1975, 1994–2008 гадах. Асаблівая ўвага нададзена падзеям абароны ў чэрвені–ліпені 1941 года і лёсам яе абаронцаў.
За гады існавання музей наведала больш за 25 млн чалавек са 140 краін свету.
У 10-ці залах музея прадстаўлена каля 4 тысяч экспанатаў.
1-я зала «Старонкі гісторыі Брэст-Літоўскай крэпасці XIX–пач.XX стагоддзяў» прысвечана будаўніцтву і мадэрнізацыі крэпасці, падзеям Першай сусветнай вайны, лёсам звязаных з гэтым перыядам гістарычных асоб.
2-я зала «Брэст і Брэсцкая крэпасць. 1918–1941 гг.» раскрывае гісторыю крэпасці ў міжваенны перыяд, калі Брэст уваходзіў у склад Палескага ваяводства Польшчы, у крэпасці дыслацыраваўся штаб і асобныя падраздзяленні IX ваеннай акругі.
3-я зала «Уставай, вялікая краіна!» асвятляе перадваеннае становішча ў Брэсцкім гарнізоне і пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральным экспанатам залы з’яўляецца будзільнік – сімвал пачатку вайны (знойдзены ў 1956 годзе на Цярэспальскім умацаванні Брэсцкай крэпасці).
4-я зала «Баявыя дзеянні ў раёне Брэста ў першыя дні вайны. Абарона крэпасці. Баі на Цярэспальскім і Валынскім умацаваннях». На аснове дакументаў і лёсаў удзельнікаў раскрыты баявыя дзеянні часцей 4-й арміі Заходняй Асобай ваеннай акругі на Брэсцка-Баранавіцкім напрамку, прыгранічныя баі на поўнач і на поўдзень ад Брэста, абарона Цярэспальскага і Валынскага ўмацаванняў Брэсцкай крэпасці.
5-я зала «Баі на Кобрынскім умацаванні» прысвечана ходу баёў на Кобрынскім умацаванні, дзе склаліся самастойныя ўчасткі абароны: размяшчэнне 125 стралковага палка, раён жылых дамоў і Усходнія валы, Паўночная брама і Усходні форт.
6-я зала «Абарона Цытадэлі» прысвечана баявым дзеянням у паўднёвай і паўночна-ўсходняй частках Цытадэлі. Цэнтральны экспанат залы – Загад № 1 расказвае пра стварэнне і ролю Штаба абароны (на чале з капітанам І.М.Зубачовым і палкавым камісарам Я.М.Фаміным) у аб’яднанні разрозненых груп абаронцаў і арганізацыі выхаду з крэпасці.
7-я зала «Абарна Цытадэлі. Апошнія ачагі супраціўлення». Адлюстроўвае ход баявых дзеянняў у заходняй і паўночна-заходняй частцы Цытадэлі. Ключавую пазіцыю на гэтым участку займала Цярэспальская брама. Яна з першых хвілін вайны стала месцам цяжкіх баёў. Частка залы, прысвечаная невядомым абаронцам, завяршае тэму абароны Цытадэлі.
8-я зала «На асноўных этапах вайны. Вызваленне». Экспазіцыя прысвечана стратэгічным аперацыям Чырвонай арміі на розных франтах вайны, а таксама вызваленню г. Брэста і Брэсцкай крэпасці падчас Люблінска-Брэсцкай аперацыі (18.07.–02.08.1944). Удзельнікамі стратэгічных аперацый былі і воіны Брэсцкага гарнізона 1941 года.
9-я зала «Вялікая Перамога» расказвае пра лёсы воінаў Брэсцкага гарнізона 1941 года – удзельнікаў наступальных аперацый Чырвонай арміі на тэрыторыі краін Еўропы і Азіі, Руху Супраціўлення; заканчэнне Другой сусветнай вайны.
10-я зала «У памяці і сэрцы» дае магчымасць адчуць і зразумець, што трагічныя падзеі далёкага 1941 года сталі пралогам Вялікай Перамогі, і памяць пра іх нязгасная. Подзвіг абаронцаў натхняе кампазітараў, паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, фотакарэспандэнтаў, майстроў сцэны і кіно. Адмысловую сілу маюць кнігі, напісаныя ўдзельнікамі падзей. Неацэнная заслуга пісьменніка С.С.Смірнова ў раскрыцці подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці.