Гістарычная экспазіцыя «Летапіс Брэсцкай крэпасці» адкрыта 31 студзеня 2019 года, у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзя горада Брэста.
Работы па стварэнні экспазіцыі праводзіліся ў адпаведнасці з Праектам Саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» (2018–2020)». Праект зацверджаны 8 снежня 2017 года ў г. Гомелі Саветам Міністраў Саюзнай дзяржавы (Пастанова № 49).
«Летапіс Брэсцкай крэпасці» размешчаны ў паўвежы Паўднёва-ўсходняй казармы Цытадэлі, раскрывае старонкі мінулага і сучаснага крэпасці.
На фоне гістарычных падзей прадстаўлены вобразы людзей, якія адыгралі пэўную ролю ў гісторыі Брэсцкай крэпасці.
Асновай экспазіцыі з’яўляюцца трохмерныя панарамы, у якіх шырокафарматныя пейзажы з кругавым аглядам, аўтэнтычнымі сценамі, вокнамі і байніцамі ў спалучэнні з гістарычнымі фігурамі ў натуральную велічыню, музычным суправаджэннем, падсведчваннем, даюць магчымасць адчуць эфект прысутнасці.
Зала 1 «Заходні фарпост» прысвечана будаўніцтву Брэст-Літоўскай крэпасці, яе мадэрнізацыі ў XIX–пач.ХХ стагоддзяў.
Зала 2 «Сусветны пажар» расказвае пра падзеі Першай сусветнай вайны (1914–1918) на тэрыторыі Брэст-Літоўскай крэпасці.
Зала 3 «Міжбур’е» адлюстроўвае 18-гадовы міжваенны перыяд (1921–1939).
Зала 4 «Гарачы чэрвень 1941-га» прысвечана адной з самых трагічных і гераічных старонак у гісторыі Брэсцкай крэпасці – пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі прадстаўлена некалькі сюжэтаў: спроба наладзіць сувязь з камандаваннем, захоп у палон ваеннаслужачага вермахта, аказанне ўзброенага супраціўлення, знішчэнне штабных дакументаў.
Зала 5 «Штаб абароны» перадае абстаноўку ў казарме 33 асобнага інжынернага палка ў момант стварэння Штаба абароны 24 чэрвеня 1941 года.
Зала 6 «Прарыў» уяўляе сабой класічную дыяраму, адлюстроўвае шматлікія спробы ўдзельнікаў абароны вырвацца з акружанай крэпасці.
Зала 7 «Цытадэль памяці» прысвечана вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Гістарычная экспазіцыя паказвае багатую гістарычную спадчыну Брэсцкай крэпасці, што стваралася пакаленнямі людзей, якія жылі тут у часы старажытнага Бярэсця, сярэднявечнага Брэст-Літоўска, сучаснага Брэста.
Створаная як фартыфікацыйны аб’ект, прайшоўшы выпрабаванні войнамі, Брэсцкая крэпасць стала музеем – сімвалам Памяці і Міру.