Маршрут:
Пастаянная экспазіцыя музея – усходняя частка Цытадэлі – скульптурная кампазіцыя «Смага» – Белы палац – плошча Цырыманіялаў – Вечны агонь – Галоўны манумент – Холмская брама.
Апісанне:
Экскурсія ахоплівае экспазіцыю музея і частку тэрыторыі мемарыяльнага комплексу.
Музей абароны Брэсцкай крэпасці (1956) размешчаны ў адноўленай частцы абароннай казармы Цытадэлі. У 10-ці залах прадстаўлена каля 4 тысяч экспанатаў, якія знаёмяць наведвальніка з гісторыяй будаўніцтва крэпасці, падзеямі Першай сусветнай вайны (1914–1918), гісторыяй горада і крэпасці ў складзе Польшчы (1921–1939), расказваюць пра гераізм і мужнасць удзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені–ліпені 1941 года. У залах музея раскрыты ўдзел воінаў Брэсцкага гарнізона ў баях на іншых франтах Вялікай Айчыннай вайны, у вызваленні Беларусі і краін Заходняй Еўропы, а таксама роля пісьменніка С.С.Смірнова ў прызнанні подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, гісторыя будаўніцтва мемарыяльнага комплексу.
Далей экскурсія працягваецца па тэрыторыі Цэнтральнага вострава – Цытадэлі. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены збудаванні ХIХ–пач.ХХ стагоддзяў, руіны вайны, скульптурныя кампазіцыі і помнікі абаронцам крэпасці. Экскурсія раскрывае гістарычнае мінулае крапасных будынкаў, найважнейшыя падзеі, якія адбываліся на яе тэрыторыі ў чэрвені–ліпені 1941 года.